Народная мова – з’ява жывая ды інтэрнацыянальная. Моўным адзінкам не патрэбны візы, каб існаваць адначасова ў некалькіх краінах. На вялікі жаль, носьбітаў народных гаворак становіцца ўсё менш: моладзь з’язджае ў горад, дзе ў асноўным рускамоўнае асяроддзе. Таму зараз асабліва важна як мага паўней зафіксаваць і даследаваць жывыя гаворкі. Сёння хачу падзяліцца сваімі назіраннямі і вывадамі наконт лексемы “лагуміна”, якая бытуе у асобных вёсках Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.
Упершыню гэтае загадкавае слова я пачула ў 2013 годзе, калі трапіла ў Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Бабуля майго мужа Кучко Надзея Якаўлеўна, жыхарка в. Гусак, частавала нас “лагумэшамі”. Як пасля аказалася, гэта былі пернікі і цукеркі да чаю. Слова мне запомнілася і, мабыць, чакала свайго часу…
Для вывучэння арэола бытавання лексемы “легуміна” ў сучасным моўным асяродку ў лютым 2023 года мною была размешчана публікацыя ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. Яна атрымала каля 30 каментароў, дзе людзі напісалі месцы ўжывання вышэйзгаданага слова. У артыкуле я прывожу спасылкі на інфарматараў.
Слова “легуміна” сёння яшчэ досыць шырока ўжываецца ў гаворках Заходняй Беларусі, Паўночна-Заходняй Украіны і Усходняй Польшчы як агульнае найменне для дэсертаў і розных салодкіх страў, але такі сэнс яно мела незаўсёды. Давайце прасочым трансфармацыю моўнай адзінкі ў розныя перыяды і ў розных краінах.
На падставе аналізу артыкула гістарычнага слоўніка беларускай мовы вынікае, што ў XVII ст. на землях ВКЛ ужо бытавала слова лекгуміна (легуміна) ў дачыненні да наймення гародніны. Наогул жа этымалогія слова сыходзіць да лацінскага leg?men (у мн.л. leg?mina), што ў перакладзе азначае “стручковы плод”. У Cтаражытным Рыме з бабоў, нуту, гароху і люпіну гатавалі ў асноўным кашы і рагу, якімі харчаваліся земляробы, легіянеры і гладыятары. Паколькі легіянеры былі галоўнымі спажыўцамі бабовых культур, то і агульная назва гэтай гародніны, магчыма, паходзіць ад слова легіянер – легуміна (гукавое і графічнае падабенства прасочваецца). У старабеларускую мову слова патрапіла ў XVI стагоддзі, калі ў Еўропе ў шырокім літаратурным ужытку была лацінская мова. Верагодней усяго пашырэнню моды на латынь у Вялікім княстве Літоўскім паспрыяла каралева Бона Сфорца, якая ў 1518 годзе стала жонкай Жыгімонта І Старога. Гэта была эпоха Рэнесансу, калі ў еўрапейскім мастацтве пераймалі прыёмы Антычнасці. Як доказ таму нам добра вядомыя літаратурныя творы “Песня пра зубра” М. Гусоўскага і “Пруская вайна” Я. Вісліцкага, якія з’яўляюцца ўзорамі лацінамоўнай паэзіі ВКЛ.
Адно з першасных значэнняў слова легуміна (гародніна), захавалася да нашых дзён у некаторых еўрапейскіх мовах: у французскай мове l?gumes, румынская мова legume і блізкая форма ў нямецкай das Gem?se.
У польскай мове слова захавалася, але набыло іншы сэнс (стала архаізмам). «Legumina - s?odka potrawa m?czna podawana jako deser» (пер. салодкая мучная страва, якая падаецца як дэсерт), - паводле тлумачальнага слоўніка польскай мовы. Прыклад: Do tradycyjnych ?wi?tecznych legumin nale?a?a legumina czekoladowa. By? to budy? czekoladowy w kszta?cie babki [...] ?r?d?o: NKJP: Maria Iwaszkiewicz: Z pami?ci, 2006.
Марыуш Бурдах, дырэктар краязнаўчага музея ў г. Лукуў (Рэспубліка Польша), на мой запыт наконт ужывання слова легуміна на тэрыторыі Польшчы адказаў: “Ва Усходняй Польшчы да Другой сусветнай вайны легумінамі называлі пудынгі, суфле, бліны, клёцкі і амлеты. Гэтыя стравы падавалі як дэсерт пасля асноўных абеденных страў. Сёння яны, як правіла, проста ўспаміны аб дэлікатэсах, якія гатавалі нашыя бабулі і прабабулі. У эпоху крызісу Польскай Народнай Рэспублікі легуміны часта станавіліся паўнавартаснымі абедзеннымі стравамі. З цягам часу яны амаль цалкам зніклі з польскай кухні. У лепшым выпадку яны засталіся ва ўспамінах людзей, якія да сённяшняга дня памятаюць смак маннай кашы і дэсерту з садавіны, згатаванага бабуляй”. З гэтага вынікае, што на сённяшні дзень слова легуміна ў польскай мове ўжываецца таксама на правах дыялектнага. Як адзначае Марыуш Бурдах, слова легуміна фіксуецца ў польскай мове з XIX стагоддзя. Там яно першапачаткова ўжывалася ў значэнні салодкай стравы.
Ва ўкраінскай мове “легумі?на — солодка випічка або солодощі на основі збитих яєць і цукру з різноманітними додатками. Національна страва польської та галицької кухні, яка у XXI столітті в Україні майже вийшла з ужитку, зараз легуміна залишається маловідомою стравою галицької кухні. У галицькому діалекті так зрідка можуть називатися будь-які смаколики взагалі”. Такую інфармацыю прадаставіла Аксана Підгурска з г. Роўна.
У беларускай літаратурнай мове слова “легуміна” выйшла з ужытку і стала гістарызмам. Слова гэта засталося толькі ў народных гаворках Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Яно, як і ў польскай мове, пераасэнсавалася і набыло значэнне “салодкая страва, дэсерт”.
“Лэгуміна” (лагумэшы, лэгумэшы, лагумыны) – Маларыцкі раён в. Гусак, Велікарыта, Пажэжын, Дубічна (інфарматары Н.Я Кучко в. Гусак, Яўген Асіпук г. Брэст).
“Лігоміны” – г. Давыд-Гарадок Столінскі раён (інфарматар Л.І. Дранько-Майсюк г. Мінск).
“Люгаміны” на Ашмяншчыне слова ўжывалася ў значэнні салодкія стравы (інфарматар Тэрэса Карповіч г. Ашмяны). Такая ж форма бытуе і ў в. Рубель Столінскага раёна (інфарматар Ірына Ляшкевіч г.п. Міханавічы, Мінскі раён).
“Лігоміна” – так у в. Плытніца Лідскага раёна называюць харчы. Якуб нёс на плячах пару грабель, а ў руцэ ёмкую торбу з лігомінай (інфарматар Вадзім Белабароды в. Плытніца).
“Лагумэны” – салодкія прысмакі на Камянеччыне. Есць звесткі і пра ўжыванне слова на тэрыторыі сучаснай Віленшчыны (інфарматар Іна Хоміч в. Зянькі).
“Легумэнты” – дзівосныя, незвычайныя дэсерты. Слова мела негатыўнае адценне. Ужывалася ў в. Дзмітровічы Камянецкага раёна, каб падкрэсліць залішнюю пераборлівасць ежай (інфарматар Ірына Зарэцкая г. Брэст).
“Лагомынкы ці логомынкы” (інфарматар дакладна не ўспомніла) – салодкія стравы ў в. Брашэвічы Драгічынскага раёна (інфарматар Л.А. Кулагіна г. Пінск).
У в. Гвозніца Маларыцкага раёна да сённяшняга дня гатуюць аўтэнтычную “лагумыну” – гэта салодкі амлет, якім частуюцца ў якасці дэсерту.
“Legumina” кажуць на дэсерты ў Люблінскім ваяводстве (інфарматар Арсеній Шчэрба г. Кракаў).
Аксана Підгурска, мастачка з г. Роўна, адзначае “на заході України є «лагомини» (Волинь) і «лєгуміни» (Галичина), але то скоріш похідне від архаїчного українського слова лакомини”.
На прыкладзе існавання і ўжывання аднаго слова “легуміна” можна ўбачыць, якая непаўторная з’ява мова. Яна нашмат шырэйшая і глыбейшая, чым можа падасца на першы погляд. Здавалася б рэдкае, лакальнае слова, а яно аб’ядноўвае лексіку многіх краін Еўропы. Спадзяюся, што працяг будзе.
Спіс выкарыстаных крыніц:
Максим, 2023-04-07
ООО!!!
Саша, 2023-04-12
Этот сайт для интеллигенции
Ян, 2023-04-12
Цудоўны матэрыял. Дзякуй!
Адрес: г. Дрогичин, ул. Ленина, д. 163, Республика Беларусь, Брестская обл.
Время работы:8:00-13:00, 14:00-18:00, 8.00-13.00, 14.00-17.00 (суббота, воскресенье)
Телефон: (801644) 7 14 22
Цена билета: Для учащихся, военнослужащих и приравненных к ним лицам - 60 коп. Для остальных категорий населения - 80 коп.
Цена экскурсии: Для учащихся, военнослужащих и приравненных к ним лицам - 5 руб. Для остальных категорий населения - 6 руб.
E-mail: dwhm@d-cult.brest.by
Группа музея в vk.com
Группа музея в Facebook